НЕрасстраляныя: спадчына, якую мы не маем права забыць
Штогод 29 кастрычніка беларусы чуюць адгалоскі 37-ага
Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!
Верш «Прысяга» — апошні верш Міхася Чарота, які паэт у 1937 годзе надрапаў на сцяне адзіночнае камеры менскай «амерыканкі» — унутранай турмы НКУС (нацыянальнага камітэту ўнутраных спраў). Праз два гады ў гэтай самай камеры апынецца сябар Чарота паэт Мікола Хведаровіч, які і запомніў верш. Хведаровічу, які прабудзе ў лагерах 16 год, пашчасціла болей. Саракагадовага Чарота бальшавікі расстралялі ноччу 29 кастрычніка 1937 года разам з больш чым сотняй іншых беларускіх творцаў. Усяго праз колькі дзён, 3 лістапада, у Карэліі расстралялі некалькі дзясяткаў арыштаваных раней выбітных прадстаўнікоў украінскай інтэлігенцыі.
Спатрэбіцца яшчэ з паўстагоддзя, каб імёны забітых літаратараў вярнуліся з нябыту, а перадапошнюю ноч кастрычніка ў Беларусі ведалі як «Чорную» або «Ноч расстраляных паэтаў». Сёлета ў гэтыя даты беларускія дыяспары па ўсім свеце зладзяць памятныя вечарыны. Вядома, тысячы людзей узгадаюць «Чорную ноч» і ў Беларусі, але ж у цяперашніх палітычны варунках публічнае адзначэнне дакладна скончылася б пераследам.
Разбярэмся, што прывяло да гэтай страшнай падзеі, якія паралельныя працэсы адбываліся ва Украіне, і чаму ж сёння восень трыццаць сёмага мае рознае значэнне для нашых краін.
Перадумовы
Гутарку пра «Чорную ноч» варта пачынаць з агляду ўсёй эпохі. Першая палова мінулага стагоддзя складаецца з чарады крывавых і жахлівых для нашага народа падзей. Але ж паміж рэвалюцыйным і сталінскім тэрорам было гадоў з дзесяць адносна спакойнага жыцця.
На пачатку дваццатых у Менску быў адкрыты Беларускі Дзяржаўны Універсітэт (першы рэктар якога Уладзімір Пічэта, ужо праз дзевяць год будзе арыштаваны і выпраўлены ў ссылку), праз год запачаткоўваецца ІнБелКульт, які пазней стане Нацыянальнай Акадэміяй Навук. У гэты перыяд расквітае кірунак беларусазнаўства ў навуцы. Па ўсёй краіне ўзнікаюць розныя гурткі і арганізацыі. З 1924 года на тэрыторыі БССР афіцыйна праводзіцца палітыка беларусізацыі, у межах якой усе дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку адукацыйныя і вайсковыя, пераводзіліся на беларускую мову, атрымлівала падтрымку навука, літаратура, а на кіроўныя пасады прызначалі беларусаў. Так, да 1928 года на беларускую мову было пераведзена больш за 80 адсоткаў школ: гэта найбольшы паказнік нават у параўнанні са статыстыкай ужо незалежнай рэспублікі.
У гэткіх варунках у 1923 годзе паўстала літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», пазней з яго выйшлі «Узвышша» і «Полымя». «Маладняк» быў сапраўднай «кузняй кадраў»: у часы росквіту ў аб’яднанні было больш за пяцьсот чалавек, пераважна маладых творцаў з усіх куткоў Беларусі. Хоць у праграмных тэкстах аб’яднання зазначалася, што яно грунтуецца на «ідэалах матэрыялізму, марксізму і ленінізму», усё ж на працягу 20-ых гадоў аўтары мелі адносную творчую свабоду.
Не варта забываць, што ў азначаны перыяд савецкай была толькі ўсходняя Беларусь, захад жа знаходзіўся ў складзе Польшчы. Палітыка беларусізацыі ў БССР выглядала вельмі прывабліва на фоне антыбеларускай палітыкі Пілсудскага. Гэта матывавала інтэлігенцыю з Заходняй Беларусі масава прыязджаць у БССР. Злы жарт лёсу ў тым, што многія дзеячы, што ехалі па свабоду творчасці на працягу 20-ых гадоў у БССР, будуць закатаваныя і забітыя ўсяго праз дзесяць год. Варункі эпохі добра перадае гісторыя сустрэчы драматурга Францішка Аляхновіча і стваральніка беларускага правапісу Браніслава Тарашкевіча на савецка-польскай мяжы падчас абмену палітвязнямі. Аляхновіч, які пасля падзелу Беларусі апынуўся ў заходняй яе частцы, з пачатку дваццатых шукаў магчымасці патрапіць у БССР. Толькі ў 1926 годзе яму ўдалося выехаць у Менск на акадэмічную канферэнцыю. Пад уражаннем ад палітыкі беларусізацыі драматург вырашыў застацца ў Менску, але ўжо праз год быў арыштаваны як польскі шпіён. Браніслава Тарашкевіча ў тым жа годзе арыштавалі польскія ўлады за прабеларускую дзейнасць і асудзілі да 12 гадоў зняволення. У 33-ым годзе адбыўся абмен, падчас якога Аляхновіч нібыта кінуў у след Тарашкевічу: «Бронюсь, куды ты ідзеш?» Браніслава бальшавікі арыштуюць праз пяць год, затым расстраляюць.
Пачатак масавых рэпрэсій
Ужо напрыканцы дваццатых пачала згортвацца беларусізацыя, пасільвацца цэнзура. Паступова былі ліквідаваныя ўсе літаратурныя аб’яднанні, на замену якім прыйшоў Саюз пісьменнікаў БССР. У друк выходзілі выкрывальныя артыкулы з абвінавачваннямі літаратараў у так званай «нацдэмаўшчыне», ідэаэлізацыі мінулага. Падставай для падобных нападах часам мог быць нават не змест твора, а лексіка ці творчы стыль. У той час выкрывальны артыкул у прэсе быў прадвеснікам арышту. Спроба самагубства Янкі Купалы восенню 1930-ага года звязана з бесперапыннымі рэпрэсіямі не толькі супраць яго, але і супраць сям’і паэта.
Масавыя рэпрэсіі адбываліся на працягу трыццатых гадоў па ўсім Савецкім саюзе, найбольшых размахаў яны дасягнулі ў 32-33 і ў 37 годзе. У гэты час ужо канчаткова зацвердзіўся курс на русіфікацыю, таму тэрор у саюзных рэспубліках быў накіраваны ў першую чаргу на нацыянальных дзеячаў, навукоўцаў, творчую інтэлігенцыю. Пад удар трапіла акурат тое пакаленне, што паўстала на сацыяльна-культурніцкім уздыме папярэдняга дзесяцігоддзя. Арышты першай паловы трыццатых, як правіла, сканчаліся велізарнымі турэмнымі тэрмінамі і высылкамі. Прызначэнне старшынёю НКУС М. І. Яжова ў 37-ым азнаменавала пачатак «Вялікага тэрору», у гэты час была забіта найбольшая колькасць людзей.
Сімвалам эпохі стала «Чорная ноч» з 29 на 30 кастрычніка, калі ва ўнутранай турме НКУС расстралялі больш за сотню прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі.
Расстралянае адраджэнне
Сацыяльна-палітычныя працэсы ва Украіне былі аналагічнымі: палітыка ўкраінізацыі 20-ых парадзіла цэлую плеяду аўтараў, паўсталі літаратурныя аб’яднанні. Адным з буйных цэнтраў культурніцкага і нацыянальнага жыцця быў Харкаў. Будынак «Слова» у самым цэнтры горада — яскравы прыклад размаху бальшавіцкага тэрору. Вялікая частка пісьменнікаў у Харкаве былі прыезджыя, і праз патрэбу ў жыллі арганізавалі кааператыў і пабудавалі ў 1930-ым годзе будынак. Ужо праз тры гады тут застрэліцца Мікола Хвылёвый, дазнаўшыся пра знікненне свайго суседа і прыяцеля пісьменніка Мыхайла Ялавога. За наступныя пяць год з шасцідзесяці шасці кватэр будынка камуністы рэпрэсавалі жыхароў сарака. Трыццаць тры чалавекі былі расстраляныя, а семдзясят – рэпрэсаваныя. Найбольш масавае забойства ўкраінскіх творцаў адбылося ва ўрочышчы Сандармох (Карэлія) 3 лістапада 37-ага, на дваццатую гадавіну рэвалюцыі.
Аднаўленне памяці
На восень 1937-ага прыпаў пік бальшавіцкага тэрору, аднак не варта забываць, што рэпрэсіі супраць і беларускіх, і ўкраінскіх дзеячаў трывалі ад першага да апошняга дня існавання СССР. Памяць пра ўшчэнт знішчанае пакаленне дваццатых гадоў мэтанакіравана знішчалася. Адзінкавыя рэабілітацыі падчас хрушчоўскай адлігі не давалі магчымасці назваць усе імёны, а тым болей апублікаваць творы. Тэма «расстраляных паэтаў» пачала шырока ўздымацца толькі напрыканцы васьмідзясятых, калі пачалі ўзнікаць нацыянальныя франты. Артыкул Зянона Пазняка «Курапаты — дарога смерці», які ледзь прабіўся ў друк, ускалыхнуў грамадскасць, праліўшы святло на маштаб рэпрэсій. Далейшыя раскопкі ўрочышча дазволілі атрымаць сапраўдныя доказы тых злачынстваў, пачалося паступовае адкрыццё літаратурнай спадчыны забітых пісьменнікаў.
Сёння ўкраінскае «Расстралянае адраджэнне» — з’ява ў першую чаргу літаратурная і гістарычная. Так, працэс рэабілітацыі дзеячаў і іх спадчыны ва Украіне быў не імгненным, а паступовым. Падчас прэзідэнцтва Віктара Юшчанкі ва ўкраінскім грамадстве актывізавалася дыскусія адносна менавіта ўкраінскага погляду на ўласную гісторыю, у тым ліку набыла актуальнасці тэма рэпрэсаваных творцаў, іх спадчыны. А савецкі светапогляд канчаткова быў адкінуты пасля Рэвалюцыі Годнасці.
Гаворка пра беларускіх «Расстраляных паэтаў» ляжыць найперш у палітычным полі, а не ў літаратурным. Ідэалогія лукашызму сыходзіць карэннем у ідэалогію савецкую. Нядзіўна, што існая беларуская ўлада бачыць пагрозу ў выкрыцці бальшавіцкіх злачынстваў. Узгаданае ўрочышча Курапаты стала полем асабістай барацьбы Лукашэнкі з першых гадоў яго кіравання: спачатку па ініцыятыве «першага прэзідэнта» былі спыненыя і археалагічныя раскопкі, і далейшае следства, а надалей рэжым сістэматычна рабіў крокі для знішчэння ўрочышча. Аніводны твор са спадчыны знішчаных літаратараў не патрапіў да школьнае праграмы. У часы так званай адлігі 2015-2019 гадоў улады не перашкаджалі грамадзянскай супольнасці шырока адзначыць васьмідзесяцігоддзе страшнай падзеі: на працягу 2017 года розныя беларускія ініцыятывы далучыліся да стварэння праекту «Нерасстраляныя», у межах якога праводзіліся адкрытыя лекцыі, шэраг беларускіх музыкаў стварылі песні на творы рэпрэсаваных паэтаў. Аднак пасля падзеяў 2020 года і імклівага нарошчвання рэпрэсій, тэма «расстраляных паэтаў» стала зноў табуяванай. І наўрад ці пры існым палітычным рэжыме сітуацыя вакол яе зменіцца.