Складанасці паразумення: выпадкі, калі падабенства беларускай і ўкраінскай моваў можа быць падманлівым
Ілжэсябры перакладчыка: дзе беларус і ўкраінец могуць непаразумецца
Нягледзячы на падабенства ўкраінскай і беларускай моваў, часта можна не проста не паразумецца, а нават і заблытацца ў значэннях, здавалася б, на роўным месцы. Так кароткі выраз «шмат сала» беларус і ўкраінец зразумеюць па-рознаму. Паспрабуем разабрацца ў падобных выпадках.
Беларуская і ўкраінская мовы блізкія не толькі структурна, але і лексічна. Таму абодва народы могуць разумець гаворку адно аднаго, нават без вывучэння мовы суседа. Абсалютная большасць слоў у нашых мовах гучаць альбо аднолькава, альбо з нязначнай розніцай. Усё ж гэтае лексічнае падабенства часам можа нашкодзіць, як у выпадку са словам «шмат». Хоць яно выглядае ідэнтычна ў абедзвюх мовах, усё ж значэнне мае рознае: «многа» ў беларускай і «кавалак» ва ўкраінскай мове.
Такія словы ў публіцыстыцы часта называюць «ілжэсябрамі перакладчыка», бо яны могуць сапраўды лёгка перакруціць сэнс перакладу пры недастаткова пільным падыходзе. Лінгвісты ж акрэсляюць падобныя словы як міжмоўныя амонімы. Аманімія — нярэдкая з’ява што ў беларускай, што ва ўкраінскай мове.
Амонімы – вонкава аднолькавыя словы, якія не маюць нічога агульнага ў лексічным значэнні. Іх лёгка адрозніць ад мнагазначных словаў, значэнні якіх усё ж маюць лагічную сувязь. Напрыклад, прыметнік «залаты» мае некалькі значэнняў: а) зроблены з золата, б) бліскуча-жоўты, падобны да золата колерам, в) добры па сваіх якасцях, г) дарагі і г. д. Апошнія два значэнні — пераносныя, але ж лагічна звязаныя з першым. А вось слова «бор» мы можам разумець як лес, як хімічны элемент і нават як інструмент у стаматалогіі. Гэта не значэнні аднаго слова, а розныя словы, якія гучаць і пішуцца абсалютна аднолькава — прыклад поўных лексічных амонімаў у беларускай мове. Амонімы могуць быць і няпоўнымі: супадаюць толькі ў гучанні (грып і грыб), у напісанні (каса — значэнне будзе залежыць ад націску) ці ў пэўных формах (вусны — супадае пачатковая форма назоўніка і прыметніка).
Можна казаць і пра аманімію, супастаўляючы дзве розныя мовы. Некалі ў Мінску насупраць будынка Камітэта дзяржаўнай бяспекі адчынілася цырульня пад лагічнай для цырульні назвай «Cut». Вось ён, міжмоўны амонім, хоць «кат» у нашай мове нясе зусім іншае значэнне. Камічнасці сітуацыі з цырульняй дадала шыльда з кірылічнай транслітарацыяй назвы папросту насупраць галоўнага карнага органа рэжыму Лукашэнкі.
Ды ўсё ж такія аднолькавыя ў гучанні словы наўрад ці паўплываюць на разуменне ангельскай мовы. Чаго не скажаш пра ўкраінскую.
Напрыклад, «разважыць» у беларускай — абмеркаваць, падумаць. «Розважити» ва ўкраінскай — насмяшыць, пацешыць. Адпаведна і з вытворнымі словамі: развагі для беларуса — думкі аб нечым, а для ўкраінца — тое, што весяліць, забавы.
Перш, чым працягнуць пералік падобных «ілжэсяброў перакладчыка», прапаную крыху занурыцца ў наш першы прыклад. Каб зразумець, адкуль вынікае розніца ў значэннях, след звярнуцца да этымалогіі (паходжання слова). Што беларускі, што ўкраінскі этымалагічныя слоўнікі адсылаюць нас да слова «вага», што прыйшло са стараверхненямецкай мовы, імаверна праз польскую, і мае ўжо аднолькавае значэнне. Таму нас цікавіць акурат шлях ад «вага» да «развага» ў беларускай і «розвага» ва ўкраінскай мовах.
Вось, што кажа ўкраінская этымалогія: «Розвиток значень проходив, очевидно, так: «обміркувати складну ситуацію» → «зіставити в думці всі сторони ситуації, ніби зважити їх на вагах» → «знайти вихід з неприємної ситуації» → «утішити».
У беларускай жа мове, імаверна, значэнне слова «развага» лыгічна выйшла з «узважвання розных думак».
Яшчэ адзін прыклад: «вадкі» — той, што здольны цячы, і «вадкий» — шкодны. Справа ў тым, што ў беларускай мове слова паходзіць ад назоўніка «вада», а ва ўкраінскай — ад дзеяслова «вадити» (прычыняць шкоду), уласна і ў беларускай мове есць дзеяслоў «вадзіць», акурат з націскам на першы склад, што мае значэнне «шкодзіць», усё ж слова «вадзіць» лічыцца размоўным, а не літаратурным.
багацце — матэрыяльныя каштоўнасці, маёмасць, набытак
багаття — вогнішча, полымя
выстава — прадметы, выстаўленыя для агляду
вистава — спектакль, п’еса
гадаць — варажыць
гадати — думаць, марыць
гайка — металічная дэталь
гайка — затрымка
галасаваць — аддаваць голас, удзельнічаць у галасаванні
галасувати — моцна крычаць
гаркавы — трохі горкі
гаркавий — той, хто невыразна вымаўляе гукі
гаспадарка — сукупнасць вытворчых адносінаў
господарка — жанчына, якая займаецца гаспадаркай, гаспадыня
дыван — тканы выраб
диван — канапа
ззяць — свяціцца, зіхацець, блішчаць
зяяти — быць шырока адкрытым, выяўляючы сваю глыбіню
злыдзень — шкодны чалавек, ліхадзей
злидень — бедны чалавек, жабрак
ліс — самец лісы
ліс — лес
ліса — драпежная жывёла
ліса — плот, агароджа з галін
мана — хлусня, няпраўда
мана — уяўны вобраз нечага, прывід
месца — прастора, мясцовасць
місто — горад
ракавы — фатальны
роковий — штогадовы
спіс — пісьмовы пералік чаго-небудзь, рукапісная копія
спис — дзіда, кап’ё
трус — жывёла, землетрасенне, баязлівы чалавек
трус — вобшук, ператрус
трыванне — здольнасць трываць, цярпліва пераносіць што-небудзь, граматычная катэгорыя
тривання — працягласць
шмат — многа, у вялікай колькасці
шмат — кавалак чаго-небудзь
удача — поспех
вдача — характар
Варта ўлічыць, што ў наведзеных прыкладах мы параўноўвалі асноўныя, найбольш шырокія значэнні. У той жа час большасць з наведзеных словаў з’яўляюцца мнагазначнымі ў сваіх мовах, і ўсё ж значэнні могуць супадаць. Так, напрыклад, тое ж «шмат» і ва ўкраінскай мове можа азначаць вялікую колькасць. Але тут гаворка не пра літаратурную мову, а пра дыялекты.