Як напад на Польшчу стаў нацыянальным святам: для чаго Лукашэнку 17 верасня
У Рэспубліцы Беларусь ужо трэці год запар адзначаюць так званы Дзень народнага адзінства. Узнікненне «свята» заканамернае: пасля беспрэцэдэнтных пратэстаў, выкліканых сфальсіфікаванымі ў 2020 годзе выбарамі, рэжыму Лукашэнкі было надзвычай важна паказаць еднасць беларускага народа, згуртаванага вакол фігуры прэзідэнта. Уласна і дата, 17 верасня, падабраная надзвычай адпаведна.
На першы погляд можа здавацца, што 17 верасня 1939 года — чорная пляма на савецкай гісторыі, і прапагандзе, якая базуецца на чырвоным мінулым, варта б было яе ўвогуле абмінаць. Дык чаму ж, будуючы свае наратывы на памяці пра вайну, прапагандысты кананізуюць дзень уступлення СССР у тую вайну на баку Нямеччыны?
Што адбылося 17 верасня
Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 года з нападу нацысцкай Нямеччыны на Польшчу. Усяго за тыдзень да гітлераўскага наступу ў Маскве быў падпісаны пакт Молатава-Рыбентропа, дадатковы сакрэтны пратакол якога падзяляў сферы ўплыву Нямеччыны і СССР ва Усходняй Еўропе. Адпаведна з гэтымі дамоўленасцямі савецкія войскі і атакавалі Польшчу 17 верасня, рушыўшы па ўсёй лініі мяжы ў бок Варшавы.
Варта адзначыць, што акурат у гэты дзень нацысцкія войскі ўзялі Брэсцкую крэпасць, на тры дні пазней, чым сам горад. А ўжо 22 верасня Брэст быў перададзены СССР, а ў горадзе адбыўся сумесны савецка-нямецкі парад.
Беларуская ж прапаганда, карыстаючыся яшчэ савецкім міфамі, прапануе іншы погляд на гэтыя падзеі: не мог СССР быць у вайне на адным баку з гітлераўцамі нават некалькі тыдняў. Бо вайна, так званая Вялікая айчынная, пачалася ў чэрвені 1941. А ў верасні 39-ага адбыўся «вызваленчы паход Чырвонай арміі на землі Заходняй Беларусі і Украіны», сёння б сказалі б «СВО».
Але ж сапраўды аб’ядналі!
Вынікам уварвання савецкіх войскаў у Польшчу сапраўды было далучэнне заходніх земляў Беларусі і Украіны да саюзу: уз’яднанне народаў, раздзеленых мяжой пасля Рыжскай дамовы. Можа, калі апусціць акалічнасці, гэта падзея сапраўды станоўчая для нашых краін?
Але ж за адным станоўчым вынікам, непасрэдна аб’яднаннем народаў, стаіць шэраг папросту катастрафічных. Справа ў тым, што і беларусаў, і ўкраінцаў аб’ядналі ў межах Савецкага Саюза напрыканцы найбольш крывавага дзесяцігоддзя яго гісторыі. З першага ж дня савецкага панавання на новадалучаных землях развярнуліся рэпрэсіі, пры чым у больш хуткім тэмпе. Першымі пад удар патрапілі былыя польскія пасадоўцы — ад чыноўнікаў да простых паліцыянтаў, паштароў і леснікоў. Паскораная калектывізацыя таксама суправаджалася шырокімі рэпрэсіямі і высылкамі. Імгненна былі адмененыя ўсе дэмакратычныя свабоды: ад мясцовых выбараў на альтэрнатыўнай аснове да свабоды друку і сходаў. Распачаўся пераслед цэркваў усіх канфесій, які суправаджаўся забойствам святароў, закрыццём і разбурэннем храмаў.
Усе гэтыя падзеі азначалі для жыхароў Заходняй Беларусі і Украіны велізарны крок назад у палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным аспектах.
Стаўленне да 17 верасня акурат адлюстроўвае ідэалагічны раскол. Абвесціўшы гэту дату днём народнага адзінства, рэжым Лукашэнкі падкрэслівае, што беларускі народ у яго разуменні мае не беларускі, а менавіта савецкі светапогляд. Дзякуючы адміністрацыйнаму рэсурсу, уладамі сёння ствараецца бачанне шырокага святкавання, але відавочна, што падобнае «свята» магчымае толькі пры ўмове існавання рэжыму.
Автор: Алесь Мінаў