«Адпусціце мяне, Курапаты»

 

«В Республике Беларусь День Октябрьской

революции отмечается ежегодно 7 ноября.

Этот общереспубликанский праздник

учрежден Указом Президента Республики

Беларусь от 26 марта 1998 года № 157»

Беларускія прапагандысцкія рэсурсы

 

Сёння перад беларускай нацыяй стаіць цэлы шэраг выпрабаванняў: катастрафічны стан мовы, заняпад нацыянальнай асветы, раскол у грамадстве адносна ацэнкі пэўных гістарычных перыядаў і ўрэшце прарасейскі дыктатарскі рэжым у краіне. Нярэдка карані існых праблем беларусы акрэсляюць адным словам: Курапаты. Гэты сасновы ўзлесак пад Менскам не толькі сімвал крывавай савецкай эпохі, але і адно з месцаў барацьбы за свабоду сёння. 

Косткі пад соснамі

У першыя гады кіравання бальшавікі знішчалі сваіх палітычных і ідэалагічных апанентаў: прадстаўнікоў шляхетнага саслоўя, членаў іншых палітычных партый, удзельнікаў шматлікіх антысавецкіх паўстанняў і рухаў. Пасля поўнага зачышчэння палітычнага поля махавік рэпрэсій не спыніўся: пад удар трапілі недастаткова лаяльныя грамадзяне, заможныя сяляне, вернікі розных канфесій. Напрыканцы 1920-ых адбыўся карэнны перагляд мясцовых палітык у нацыянальных рэспубліках: узяўшы курс на татальную русіфікацыю, камуністы пачалі планамерна знішчаць нацыянальную інтэлігенцыю, дзеячаў літаратуры, навукі, мастацтва. Савецкая мадэль абапіралася на будаванне і выкананне планаў ва ўсіх галінах гаспадаркі, што тычылася і працы карных органаў. З ростам рэпрэсій узрастала і планка: ад сілавікоў патрабавалі выкрываць усё большую колькасць «антысавецкіх элементаў». Пад страшнымі катаваннямі многія арыштаваныя падпісвалі паперы з ілжывымі абвінавачваннямі як у свой бок, так і адносна іншых людзей. Такія сведчанні не толькі падводзілі пад жорсткі вырак, але і гарантавалі далейшыя арышты ўзгаданых у іх людзей. Гэтак рэпрэсіўная машына ахоплівала ўсё шырэйшыя колы грамадства. 

Непазбежным следствам любога тэрору ці генацыду ёсць горы трупаў — у літаральным сэнсе слова. Так, напрыклад, салдаты сербскага дыктатара Мілошавіча танцавалі пад патрыятычныя песні на целах забітых баснійцаў, каб утрамбаваць іх у яміне і вызваліць месца для новых ахвяр, нямецкія нацысты будавалі вялізныя печы-крэматорыі, дзе спальвалі сотні тысяч забітых вязняў канцлагероў. Маладая Савецкая дзяржава ж не вынаходзіла адмысловых тэхналагічных спосабаў пазбаўлення ад целаў, а проста закопвала забітых у зямлю. Часам зверху высаджвалі дрэўца, каб прыхаваць злачынства. Але пры росце колькасці ахвяр узрастаў і маштаб гэткіх масавых пахаванняў. Роўная спачатку зямля з цягам часу асядала, бо пры разлажэнні целаў вызвалася месца. Таму праз гады пачалі ўтварацца  характэрныя яміны. 

Расійскі даследнік сталінскіх рэпрэсій Цеплякоў А.Г. прыводзіць у кнізе «Выкананне смяротных выракаў у 1920-1930-ых гг» інструктаж НКУСаўца Міронава С.Н. сваім падначаленым у 1937 годзе:

«Чем должен быть занят начальник оперсектора, когда он приедет на место? Найти место, где будут приводиться приговора в исполнение, и место, где закапывать трупы. Если это будет в лесу, нужно, чтобы заранее был срезан дёрн и потом этим дёрном покрыть это место, с тем, чтобы всячески конспирировать место, где приведён приговор в исполнение — потому что все эти места могут стать для контриков, для церковников местом [проявления] религиозного фанатизма. Аппарат никоим образом не должен знать ни место приведения приговоров, ни количество, над которым приведены приговора в исполнение, ничего не должен знать абсолютно».

Цяжка сказаць, ці меркавалі НКУСаўцы пра перспектыву пазнейшага расследавання іхных злачынстваў, але відавочна, што ўжо тады размах тэрору яны намагаліся прыхоўваць. Таму месцы масавых расстрэлаў звычайна былі з аднаго боку недалёка ад буйных гарадоў, дзе і адбываліся «следчыя» і «судовыя» працэсы, з іншага ж — або на ўскрайку горада, або за яго мяжой, у лесе ці гаі, каб мясцовае насяленне й не здагадвалася, што адбываецца на тым месцы.

На схеме Радыё «Свабода» пазначаныя некаторыя пацверджаныя месцы масавых пахаванняў тых часоў у Беларусі. Варта адзначыць, што спрыяльны для даследаванняў перыяд быў досыць кароткі, а асноўныя архівы пачатку мінулага стагоддзя па сёння засакрэчаныя. Таму наўрад ці можна лічыць сённяшнія звесткі вычарпальнымі і канчатковымі. Тым ні менш, спіс уражвае: пахаванні розных памераў раскіданыя па ўсёй Беларусі ад поўдня да поўначы. Курапаты — толькі найбольш вядомае праз свае маштабы. Хаця расстрэльваць тут, мяркуючы па даследаваннях гісторыкаў і археолагаў, пачалі толькі ў 1937-ым. Папярэдне сваіх ахвяраў камуністы вывозілі ў Камароўскі лес, што быў тады на самым ускрайку горада. Цяпер гэта цэнтр, а на месцы лесу стаіць парк Чалюскінцаў, разбіты там яшчэ ў пачатку 30-ых. Адзіным напамінам аб страшных падзеях тае эпохі — драўляны крыж, усталяваны тут Беларускім народным фронтам. Аніякіх раскопак і следства на тэрыторыі парку так і не праводзілася. 

Расстрэлы ў Камароўскім лесе прыпынілі, відавочна, праз набліжэнне гарадской рысы і пачатку забудовы побач. У трыццаць сёмым НКУСаўцы пачалі вывозіць сваіх ахвяр у лесапаласу на паўночным усходзе ад Менску. Тады гэта была сельская мясцовасць, у некалькіх кіламетрах былі раскіданыя невялікая вёскі.  Праз амаль што паўстагоддзя акурат сведчанні мясцовых і дапамогуць адшукаць месца расстрэлаў, усталяваць акалічнасці. 

Помнік ахвярам рэпрэсіў у Камароўскім лесе. Цяпер парк Чалюскінцаў

Шлях з нябыту

Тэма бальшавіцкіх рэпрэсій, вядома, замоўчвалася і цэнзуравалася ў Савецкім саюзе на працягу ўсяго яго існавання. На ХХ з’ездзе КПСС у 1956 годзе быў развенчаны культ асобы Сталіна. Але пры тым гаворка пра размах тэрору той эпохі цалкам трымалася пад кантролем камуністычнай партыі. 

Усяго праз год пасля выступу Хрушчова на з’ездзе вакол Менска пачалі будаваць кальцавую дарогу і на Лагойскім кірунку будаўнікі, робячы катлаван, натыкнуліся на чалавечыя парэшткі: косткі і чарапы з дзіркамі ад куль. Тады ўлады аніяк не адрэагавалі на знаходкі, працягнуўшы будаўніцтва папросту паверх пахаванняў. 

Толькі палітыка галоснасці падчас перабудовы дала магчымасць уздымаць забароненыя раней тэмы. Так 3 чэрвеня 1988 года ў газеце «Літаратура і Мастацтва» выйшаў артыкул «Курапаты — дарога смерці» пад аўтарствам Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва. Сёння «ЛіМ» — дзяржаўная малатыражка, якую па разнарадцы выпісваюць настаўнікі ў некаторых школах. Але на канец 1980-ых гэта было трыццацітысячнае выданне, якое чытала ўся беларуская інтэлігенцыя. Галоўным рэдактарам быў вядомы паэт Анатоль Вярцінскі, якому Пазняк і перадаў друкаваны арыгінал артыкулу. Вярцінскі, прачытаўшы яго, прыняў смелае рашэнне надрукаваць тэкст на першай паласе без зменаў. Пра гэта ён не паведаміў нават калектыву газеты, баючыся заўчаснай агалоскі і перашкодаў з боку цэнзурных органаў. Аднак у Доме друку перад пачаткам тыражавання выданні таксама праходзілі праз цэнзараў. На дзіва, і яны не рашыліся сарваць публікацыю. 

Артыкул "Курапаты - дарога смерці" ў 23 нумары газеты "Літаратура і Мастацтва"

Чэрвеньскай раніцай дваццаць трэці нумар газеты дайшоў да чытачоў. Артыкул Пазняка ўскалыхнуў грамадства. Так Мая Кляшторная, дачка расстралянага ў Чорную Ноч 1937-ага паэта, едучы раніцай у тралейбусе дазналася пра месца пахавання свайго бацькі. Падобнае адкрыццё для сябе зрабілі і тысячы іншых беларусаў. 

Пасля публікацыі артыкула ў Курапацкім лесе былі праведзеныя першыя павярхнёвыя раскопкі, якія пацвердзілі факт таемнага масавага пахавання, генеральная пракуратура БССР распачала следства. Першай рэакцыяй чынавенства былі заявы аб датычнасці да пахавання нямецкіх нацыстаў. Аднак гэтая версія была ўшчэнт разбітая, калі ўдалося ўстанавіць часавы прамежак забойстваў: з 37-ага па 41-ы (расстрэлы працягваліся нават з пачаткам вайны, да таго моманту, пакуль немцы не падышлі да Менска), а, галоўнае, калі былі знойдзеныя гільзы і патроны — прамы доказ супраць НКУС. Аднак досыць павярхнёвае следства скончыцца ўжо ўвосень таго ж года: з 510 пахаванняў рознага памеру на плошчы ў 30 гектараў пракуратура правяла выбарачную эксгумацыю, выявіўшы ў тым ліку 313 чарапоў.  Тагачасны генеральны пракурор назваў і вызначаную следствам колькасць забітых: не менш за 30 тысяч асоб. Тады ж была апублікаваная пастанова аб спыненні крымінальнае справы:

«…Дакладна даказана, што расстрэлы пакараных ажыццяўляліся супрацоўнікамі камендатуры НКУС БССР… Беручы пад увагу, што вінаватыя ў гэтых рэпрэсіях кіраўнікі НКУС БССР і іншыя асобы былі прыгавораныя да смертнага пакарання або да гэтага часу памерлі, на падставе вышэйзгаданага, …, крымінальная справа, заведзеная па факце выяўлення пахаванняў у лясным масіве Курапаты, спыненая. Знойдзеныя падчас эксгумацыі пахаванняў прадметы вопраткі, абутку і пад. як рэчы, што не маюць каштоўнасці, знішчыць».

Адзін з адкрывальнікаў Курапатаў Зянон Пазняк, які да палітычнай кар’еры працаваў археолагам, ацэньвае колькасць ахвяр лічбай ад 220 да 250 тысяч чалавек. У сваіх артыкулах Пазняк указвае на сур’ёзныя хібы падчас следства, адзначаючы, што пры эксгумацыі былі абраныя не найбольшыя пахаванні, з якіх на паверхню паднялі не ўсе пласты целаў. 

Выступ Зянона Пазняка падчас Дзядоў 1988 год

Паралельна з раскопкамі і следствам адбываліся і сацыяльныя працэсы: пасля агалоскі ў рэдакцыі газет пачалі прыходзіць тысячы лістоў з усёй краіны са сведчаннямі аб злачынствах сталінскіх часоў, а нацыянальныя сілы пачалі планаваць стварэнне мемарыялу народнай памяці ў Курапатах. Знакавай падзеяй эпохі быў мітынг-рэквіем Дзяды 30 кастрычніка 1988 года. Вядома, улада не дазволіла шэсце, у дзень яго правядзення былі перакрытыя бліжэйшыя да месца станцыі метро і мабілізаваныя не толькі сталічныя сілы міліцыі, але і прывезеныя з рэгіёнаў. Шматтысячную хаду дэманстрантаў, што пешшу рушыла ў бок Курапатаў, пачалі жорстка разганяць, выкарыстоўваючы газ і дручкі. Але ўлады не чакалі пабачыць на акцыі такую каласальную колькасць удзельнікаў, таму большасць з іх усё ж дабралася да ўрочышча, дзе і адбыўся мітынг. Лічыцца, што акурат падчас гэтых падзеяў у Беларусі ўпершыню за доўгія часы быў узняты нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Тады ж у Курапатах актывісты ўсталявалі першыя драўляныя крыжы — пачатак народнага мемарыяла, а шэсце на Дзяды стала штогадовым. 

Каты ўздымаюць галаву

Восемдзесят восьмы ўскалыхнуў усё грамадства: і нашчадкаў ахвяр, і нашчадкаў катаў. Нягледзячы на заняпад савецкай сістэмы, у краіне заставаліся шырокія колы рэакцыянераў. Пасля выбуховага артыкула ў «ЛіМе» і далейшых падзей вакол Курапатаў ветэраны сілавых структураў пачалі пісаць шматлікія лісты і скаргі ва ўсе магчымыя інстанцыі. Паралельна з афіцыйным следствам камуністы адна за адной стваралі альтэрнатыўныя камісіі, якія павінны былі ўстанавіць датычнасць нацыстаў да расстрэлаў у Курапатах. Пачала з’яўляцца безліч публікацый расейскіх «гісторыкаў» і «даследчыкаў» з абвінавачваннямі Пазняка ў фальсіфікацыі гісторыі. Падобныя ўкіды сістэматычна публікуюцца па сённяшні дзень. 

Варта адзначыць, што пасля здабыцця незалежнасці ў Беларусі не былі праведзеныя выбары: як асноўны заканадаўчы орган працягваў функцыянаваць Вярхоўны савет, абраны ў 1990 годзе, дзе абсалютную большасць складалі камуністы. Адпаведна тагачасная ўлада маладой рэспублікі не спрыяла далейшаму выкрыццю масавых забойстваў. Гэтую функцыю ўсклала на сябе грамадзянская супольнасць, карыстаючыся адноснымі дэмакратычнымі свабодамі пачатку 1990-ых. 

Карэнны пералом адбыўся пасля першых прэзідэнцкіх выбараў 1994-ага года. Прэзідэнт Лукашэнка яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі падкрэсліваў, што не галасаваў супраць развалу СССР (хоць гэта выявілася хлуснёй), будаваў сваю палітыку, спекулюючы настальгічнымі пачуццямі часткі грамадства адносна савецкага часу. Відавочна, што праўда пра Курапаты муляла вока будучаму дыктатару і ён пачаў весці з урочышчам сваю асабістую барацьбу. 

Па ініцыятыве прэзідэнта ў канцы дзевяностых распачалося новае следства, ужо ў 1998-ым годзе тагачасны генеральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка зрабіў на прэсканферэнцыі рэзанансную, але паказальную заяву. Па яго словах новыя раскопкі і следства 1997-1998 гадоў прыйшлі да высновы, што ў Курапатах забіта не больш за 7 тысяч чалавек, а пракуратура «не ўстанавіла хто там пахаваны: ахвяры камуністычных, або фашысцкіх рэпрэсій». 

Прапаганда актыўна падхапіла гэты наратыў, называючы Курапаты месцам пахавання ахвяраў нацысцкай акупацыі.

За ідэалагічным наступам рушыў і фізічны. Пачаліся нападкі на ўдзельнікаў штогадовага шэсця на Дзяды: у розныя гады гэта былі арышты арганізатараў, перакрыццё самаго ўрочышча, пагрозы звальнення і адлічэння з ВНУ патэнцыйным удзельнікам. Але канчаткова прыдушыць традыцыю публічнага ўшанавання памяці сталінскіх ахвяр рэжыму ўдасца толькі ў 2020 годзе. 

З канца дзевяностых стануць перыядычнымі і сістэмнымі паведамленні аб актах вандалізму ў Курапатах: «нявысветленыя асобы» трыдыцыйна пакідаюць свастыкі ці камуністычную сімволіку на мемарыяле, нявечаць крыжы і памятныя шыльды. Адметна, што ў аніводным выпадку беларуская міліцыя так і не знойдзе вандалаў. 

Курапацкая варта

Устанаўленне дыктатуры на Беларусі адбывалася пры канцы 1990-ых, у гэты час рэжым практычна ўшчэнт знішчыў незалежныя медыя, разбіў грамадскія і палітычныя арганізацыі. Гэтыя падзеі адбываліся на фоне адноснага эканамічнага росту і метадычнай дзяржаўнай прапаганды. Таму на пачатку стагоддзя ў беларускім грамадстве назіралася пэўная палітычная апатыя: апазіцыйныя акцыі, як правіла, былі нешматлікімі. Але, кожны раз, калі рэжым рабіў наступ на Курапаты, грамадства надзвычай актыўна паўставала на абарону ўрочышча. 

Першая найбольш адыёзная кампанія Лукашэнкі па знішчэнні мемарыялу прыпала на пачатак нулявых. Падчас пашырэння Менскай кальцавой дарогі з двух да шасці палос улады адкінулі праект 1993 году, які прадугледжваў абыход Курапатаў. Трасу пачалі пракладаць наўпрост па костках. Розныя дэмакратычныя рухі арганізавалі абарону Курапатаў, якая агулам трывала з верасня 2001 па лістапад 2002. Пратэстоўцы неаднаразова ўступалі ў сутычкі з міліцыяй і АМАПам, уласнымі целамі спынялі будаўнічую тэхніку, ставілі намёты для нясення і начной варты. Урэшце ўлада саступіла і перагледзела варыянт дарогі ў абыход мемарыялу. 

Зміцер Дашкевіч блакуе трактар будаўнікоў у Курапатах. 2017 год

У пачатку 2017 стала вядома пра пачатак будаўніцтва на тэрыторыі ахоўнай зоны бізнес-цэнтру. Хоць Курапаты і з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, мясцовыя ўлады змяняюць юрыдычныя межы мемарыялу, каб зрабіць будаўніцтва фармальна законным. Але ж зноў паўстала грамадскасць: актывісты разбілі палатачны гарадок наўпрост на пляцоўцы з будаўнічай тэхнікай, неўзабаве да іх далучыліся і жыхары з суседніх кварталаў. Спробы разагнаць пратэставальнікаў, арыштаваць арганізатараў не далі плёну, працягвалася і варта ў Курапатах, і мітынгі каля гарвыканкаму. Урэшце і тут улада саступіла, абвесціўшы пра скасаванне будаўніцтва. 

Крыжалом

Як мы ўжо адзначалі, сутнасць народнага мемарыяла была вызначаная яшчэ ў гады яго адкрыцця: нашчадкі ахвяраў усталёўвалі на тэрыторыі ўрочышча драўляныя і металічныя крыжы ці іншыя знакі памяці. За дзесяцігоддзі такіх крыжоў набралася вялікая колькасць, іх прывозілі з розных рэгіёнаў і нават краін. Але з часам яны парахнелі, і пасля папярэдняй перамогі актывістаў, грамадскі дзеяч Зміцер Дашкевіч распачаў кампанію па аднаўленні некаторых крыжоў. Зьміцер — старшыня беларускага Маладога фронту, па прафесіі цясляр, вырабіў некалькі дзясяткаў вялікіх драўляных крыжоў, каб паставіць іх па перыметры расстрэльных ямаў. Цяпер новыя крыжы было добра відаць усім, хто праязджаў па МКАД і лукашысты рушылі ў свой чарговы бой. У прапагандысцкіх газетак публікаваліся пасквілі, а паралельна менскія ўлады пачалі «облагораживание территории» ў межах якога выкарчоўваючы крыжы з зямлі, абнеслі Курапаты зялёным металічным плотам. Прэс-сакратарка Лукашэнкі тады заявіла, што «кіраўніком дзяржавы было абяцана, што ў Курапатах будзе наведзены парадак». Навядзенне парадку суправаджалася адвольнымі арыштамі наведвальнікаў мемарыялу. 

Курапацкая варта, 2018 год

Найбольш працяглай акцыяй была курапацкая варта, распачатая яшчэ ў 2018 годзе. Ля самога ўрочышча ў яго ахоўнай зоне быў збудаваны разважальны комплекс «Поедем поедим», дзе адбываюцца банкеты, вяселлі і іншыя святочныя падзеі. Актывістам не ўдалося перашкодзіць будаванню, тады было прынята рашэнне аб арганізацыі варты: штодня ля ўваходу ва ўстанову дзяжурылі ад двох-трох да некалькіх дзясяткаў чалавек, якія тлумачылі наведвальнікам, на якім месцы стаіць будынак. Са словаў удзельнікаў варты, многія людзі, дазнаўшыся акалічнасці, дзякавалі за інфармацыю і разварочваліся. Таксама актывісты фіксавалі нумары машын, якія ўсё ж прыязджалі адпачываць у Курапатах, вялікая колькасць наведвальнікаў мела расійскія нумары. Варту актыўна падтрымлівалі менчукі, ці проста далучаючыся, ці прыносячы ежу і цёплыя напоі актывістам. Нярэдка сілавікі праводзілі аблавы на ўдзельнікаў варты, складалі адміністратыўныя пратаколы, выпісвалі штрафы. Але ініцыятыва спынілася толькі з наступленнем поўнамаштабных рэпрэсій пасля «выбараў» 20-ага года.

Цяпер

Курапацкае шэсце на Дзяды з ушанаваннем ахвяраў тэрору стала неад’емнай часткай беларускага нацыянальнага жыцця. Таксама беларусы традыцыйна збіраліся ў Курапатах і 29 кастрычніка, у Чорную Ноч, каб чытаць вершы забітых і пахаваных тут паэтаў. Апошнія масавыя акцыі ў Курапатах адбыліся ў 2020 годзе: тады Ноч паэтаў сабрала бадай рэкордную колькасць удзельнікаў. З імправізаванай сцэны гучалі не толькі вершы, але і развагі пра паралелі між 1937 і 2020. Калі праз некалькі дзён, на Дзяды, дзясяткі тысяч людзей рушаць да Курапатаў, на іх абрынецца ўся сілавая машына Лукашэнкі. Уся паўночна-ўсходняя частка Менска была перакрытая сілавікамі, працавалі вадамёты, разрываліся светла-шумавыя гранаты: рэжым рабіў усё магчымае, каб мітынг у Курапатах не адбыўся. Але, як і ў 1988-ым, людзі струменьчыкамі прасачыліся праз завулкі і двары, пачалі збірацца ў Курапатах. Як тады адзначыў адзін з беларускіх журналістаў: «У Курапатах зноў чуваць стрэлы» — гэтак гумовымі кулямі разганялі натоўп. Ратуючыся ад збіцця і арышту тысячы людзей пералазілі праз новаўсталяваны лукашэнкаўскі плот і беглі наўцёкі. Гэта было на сённяшні дзень апошняе шэсце ў Курапаты, бо далейшыя падзеі ў Беларусі зрабілі немагчымым правядзенні якіх-заўгодна масавых акцый. 

Апошнія тры гады 29 кастрычніка кветкі ў Курапатах ускладаюць еўрапейскія дыпламаты, карыстаючыся сваёй адноснай недатыкальнасцю. Нават гэтыя акцыі памяці рэжым намагаецца сарваць, ладзячы напад прапагандыстаў на жалобную місію. 

Крыж на сімвалічнай магіле Тодара Кляшторнага.
Яго васьмідзесяці шасці гадовая дачка Мая Кляшторная па сёння не ведае,
у якой менавіта магіле ляжыць ейны тата. 

Узгаданы Зміцер Дашкевіч, чые крыжы выкарчоўвалі ў 2019 годзе, зараз за кратамі — ён адзін з тысяч палітычных вязняў. 

Нават за невядомыя магілы, за сімвалічныя крыжы працягваецца барацьба. Ідэалагічныя нашчадкі катаў 1930-ых намагаюцца знішчыць і доказы злачынстваў іх папярэднікаў, і памяць пра іх ахвяр. Ды ўсё ж Курапаты сталі не толькі сімвалам страшанага тэрору, але і сімвалам нацыянальнай барацьбы беларусаў. 

 

Алесь Мінаў